Руская мова: да дзясяткі крок за крокам

Ці рэальна сучаснаму школьніку пастаянна атрымліваць дзясяткі па рускай мове? Канешне ж, рэальна, трэба толькі старацца. Авалодаць асноўнымі правіламі пісьма, навучыцца лагічна, дакладна і да месца ўжываць розныя моўныя сродкі дзецям дапаможа кніга «Русский язык. 5 класс. К десятке шаг за шагом» Валянціны Леанідаўны Леановіч.

Кніга – своеасаблівы трэнажор, які дазваляе больш грунтоўна праработаць пройдзены матэрыял, замацаваць і паглыбіць атрыманыя веды. Дапаможнік адпавядае школьнай праграме і падручніку, у яго ўключаны ўсе тэмы і паняцці, якія вывучаюцца ў 5 класе.

У дапаможніку ёсць некалькі рубрык:

  • «Обратите внимание!» – агульныя звесткі аб вывучаемых ключавых паняццях;
  • «Тренируйтесь!» – практыкаванні па той ці іншай тэме;
  • «Запомните!» – тэарэтычныя звесткі і практычныя рэкамендацыі, якія дапамогуць выканаць кожнае з заданняў;
  • «Проверьте себя!» – тэсты па пройдзеным матэрыяле.

Гэтыя рубрыкі адлюстроўваюць дакладны парадак работы з кожнай тэмай: дзеці знаёмяцца з тэорыяй → выконваюць практыкаванні, арыентуючыся на падказкі → пераходзяць да тэставых заданняў. Такі алгарытм дазваляе, па-першае, паўтарыць тэорыю, па-другое, праработаць яе, па-трэцяе, праверыць ступень засваення тэмы. Дзякуючы гэтай сістэме падачы матэрыялу дзеці могуць не толькі вывучыць яго і патрэніравацца ў выкананні розных па форме і змесце заданняў, але і ацаніць свае поспехі.

Матэрыял у кнізе выкладаецца паслядоўна, сістэмна, коратка і даступна. У кожнай тэме даюцца тры практыкаванні і адзін тэст з чатырма заданнямі. Акрамя традыцыйных заданняў, у дапаможніку ёсць практыкаванні творчага характару, якія дапамогуць зацікавіць вучня і актывізаваць яго мысленне. Да ўсіх практыкаванняў і тэстаў даюцца адказы.

У дапаможнік таксама ўключаны дыктанты і пераказы для праверкі ведаў. Яны прадстаўлены не толькі ў друкаваным варыянце, але і ў аўдыяфармаце (даступныя па QR-кодзе, размешчаным побач з заданнем). Так школьнікі змогуць напісаць работу, не звяртаючыся за дапамогай да бацькоў і рэпетытараў, і самастойна падрыхтавацца да кантрольнай. Напрыклад, можна прачытаць тэкст дыктанта «Молодые воробьи», а можна праслухаць яго аўдыязапіс.

«Русский язык. 5 класс. К десятке шаг за шагом» – кніга не толькі для вучняў, але і для бацькоў, якія могуць у любы момант прыйсці на дапамогу дзіцяці, а таксама для настаўнікаў, гатовых даць вучням адказы на самыя розныя моўныя пытанні па праграмным матэрыяле. Сумеснымі намаганнямі можна шмат чаго дабіцца. Галоўнае – жаданне. Таму атрымліваць дзясяткі – гэта рэальна!


up
Вход