Карціна месяца
Працягваем знаёмства з карцінамі беларускіх мастакоў з нашага календара.
«Бацькава скрыпка». 1998 год
Хадаровіч Уладзімір Паўлавіч
Палатно, алей
Скрыпка, кераміка, кампазіцыі з сухацветаў, даматканыя ручнікі на карціне – гэта не проста рэчы, гэта гісторыя сям'і аўтара і культурная спадчына Беларусі. Так мастак праз нацюрморт перадае гледачам сваю шчырую любоў да роднага краю, павагу да яго культуры і традыцый, у гэтым бачыць сувязь паміж пакаленнямі.
Работа прадстаўлена ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Уладзімір Паўлавіч Хадаровіч (1947) працуе ў розных жанрах, але аддае перавагу нацюрморту, у якім нязменна адлюстроўвае вечныя і простыя жыццёвыя каштоўнасці – прадметы нацыянальнага побыту і традыцыйнай культуры. Мастак распрацаваў сваю аўтарскую канцэпцыю, у якой прасочваецца сувязь з этнічнымі вытокамі праз прадметны сімвалізм.
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў, у прыватных калекцыях і галерэях Беларусі, а таксама за мяжой.