Нарадзілася ў 1957 годзе ў г. Аніва Сахалінскай вобласці (Расія).
У 1976 годзе скончыла Полацкае педагагічнае вучылішча, у 1979 — факультэт дашкольнага выхавання Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. Працавала па спецыяльнасці ў дзіцячым садзе (выхавальнікам, загадчыкам); выкладчыкам, а затым — дацэнтам, загадчыкам кафедры і дэканам факультэта дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка; вядучым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам лабараторыі дашкольнай адукацыі і вучоным сакратаром Нацыянальнага інстытута адукацыі.
Педагагічны стаж — 35 гадоў.
Узнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».
У 1990 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці «Тэорыя і гісторыя педагогікі» на тэму «Педагогическая диагностика в процессе формирования трудолюбия у детей (старший дошкольный возраст)». У 2001 годзе прысвоена вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці «Педагогіка».
Навуковыя інтарэсы: вывучэнне сістэмных праблем дашкольнай адукацыі; распрацоўка праграмна-метадычнага забеспячэння дашкольнай адукацыі; матэматычнае развіццё дзяцей дашкольнага ўзросту; педагагічная дыягностыка; падрыхтоўка кадраў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай кваліфікацыі для сістэмы дашкольнай адукацыі.
Аўтар і суаўтар Канцэпцыі дашкольнай адукацыі Рэспублікі Беларусь (2001), нацыянальнай праграмы дашкольнай адукацыі «Пралеска», вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, праграмы аказання адукацыйных паслуг дзецям 6-га года жыцця, якія не наведваюць дашкольную ўстанову, праграмы выхавання і навучання дзяцей 7-га года жыцця ў дашкольнай установе, тыпавой праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па тэорыі і методыцы фарміравання элементарных матэматычных уяўленняў у дзяцей; стандартаў дашкольнай адукацыі; вучэбных, вучэбна-метадычных, гульнявых і наглядных дапаможнікаў па перадматэматычнай падрыхтоўцы дашкольнікаў; навуковых артыкулаў у часопісах, зборніках артыкулаў, Беларускай педагагічнай энцыклапедыі. Усяго больш за 140 навуковых і навукова-метадычных публікацый.