Вітчанка Аляксандр Мікалаевіч

Витченко А. Н.

Нарадзіўся 30 жніўня 1953 года.

У 1975 годзе скончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з 1976 па 1987 год працаваў навуковым супрацоўнікам навукова-даследчай лабараторыі меліярацый ландшафтаў геаграфічнага факультэта БДУ. З 1978 па 1982 год прайшоў навучанне ў завочнай аспірантуры, у 1984 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.

З 1987 па 1999 год працаваў старшым выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам і загадчыкам кафедры фізічнай геаграфіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. З 2000 года — загадчык кафедры геаграфічнай экалогіі БДУ.

З'яўляецца вядучым спецыялістам у галіне геаэкалогіі, аграэкалогіі, біяметэаралогіі і фізічнай геаграфіі. Пад яго кіраўніцтвам абаронены 3 кандыдацкія дысертацыі, працуюць аспіранты і магістранты.

Надае значную ўвагу інтэграцыі навукі і адукацыі. Пры актыўным удзеле А. М. Вітчанкі распрацаваны і ўкаранены ў навучальны працэс адукацыйныя стандарты і вучэбныя планы па спецыяльнасці «Геаэкалогія», падрыхтаваны аўтарскі курс лекцый «Геаэкалогія» і шэраг арыгінальных вучэбных праграм па дысцыплінах геаэкалагічнага цыкла. Распрацаваў і чытаў у розных ВНУ рэспублікі 18 агульных і спецыяльных курсаў. Падрыхтаваў серыю з 6 дапаможнікаў для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі «Тетрадь для практических работ и индивидуальных заданий» для 6–11 класаў, электронны сродак навучання «География материков и стран. 8–9 классы», шэраг вучэбных праграм для факультатыўных заняткаў у школе і г. д.

Аўтар і суаўтар 295 апублікаваных навуковых і вучэбна-метадычных прац, у тым ліку 9 манаграфій, 11 вучэбных дапаможнікаў і 2 курсаў лекцый.

У цяперашні час з'яўляецца старшынёй экспертнага савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, намеснікам старшыні вучэбна-метадычнага аб'яднання ВНУ Рэспублікі Беларусь па экалагічнай адукацыі, членам прэзідыума вучэбна-метадычных аб'яднанняў у НМЦ па дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, членам каардынацыйнага савета па адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, членам рэдакцыйных калегій навукова-тэарэтычных часопісаў «Вестник БГУ» і «Весці БДПУ», «Веснік Брэсцкага ўніверсітэта», «Вестник фонда фундаментальных исследований» і г. д.

За вялікі ўклад у развіццё беларускай навукі і поспехі ў падрыхтоўцы спецыялістаў-географаў неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі БДУ, Міністэрства адукацыі і Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, нагрудным знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (2013).

У 2015 годзе прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік БДУ».

Доктар геаграфічных навук, прафесар.

up
Вход