Нарадзілася 19 лютага 1950 года ў г. п. Ружаны Брэсцкай вобласці ў сям'і настаўнікаў. У 1966 годзе скончыла школу і паступіла на біёлага-хімічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта (у той час педагагічнага інстытута), які скончыла ў 1971 годзе, пасля чаго была накіравана на працу ў якасці настаўніка хіміі ў школу Рэспубліканскага піянерскага лагера ЦК ЛКСМБ «Зубраня». У 1974 годзе ў сувязі з замужжам пераехала ў Мінск.
З 1974 па 2000 год працавала настаўнікам хіміі ў СШ № 10 г. Мінска. Вучні В. І. Сячко часта займалі прызавыя месцы на гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах па хіміі, на працягу многіх гадоў з'яўляліся пераможцамі гарадскіх і рэспубліканскіх навуковых канферэнцый.
У 1997 годзе прысвоена кваліфікацыйная катэгорыя «настаўнік-метадыст». У 1999 годзе прысвоена званне «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».
Атрымлівала грант фонду Сораса, з'яўлялася членам рэдкалегіі часопіса «Хiмiя. Праблемы выкладання», часта выступала з лекцыямі перад настаўнікамі розных гарадоў і абласцей Беларусі.
Працавала намеснікам дырэктара Мінскага абласнога метадычнага кабінета, метадыстам вышэйшай катэгорыі Нацыянальнага інстытута адукацыі.
З 2005 года працуе старшым выкладчыкам кафедры даўніверсітэцкай падрыхтоўкі факультэта даўніверсітэцкай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
З'яўляецца членам аўтарскага калектыву па стварэнні падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па хіміі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Аўтар і суаўтар 28 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў (з іх 4 выдадзена ў Расіі), каля 30 артыкулаў і тэзісаў у навуковых часопісах Беларусі і замежжа (Расія, Літва). Удзельнічала ў працы 16 рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый па праблемах педагогікі, методыкі выкладання, арганізацыі дзейнасці сацыяльных праектаў.
З 1999 года прымала актыўны ўдзел у дзейнасці дабрачыннай арганізацыі «Дзецям Чарнобыля». Кіравала праектам «Дзіцячы сад». Стала ініцыятарам і арганізатарам дзейнасці першага ў Рэспубліцы Беларусь дзіцячага сада для дзяцей-інвалідаў з дыягназам «дзіцячы цэрэбральны параліч». Арганізоўвала стажыроўкі ў краінах Еўропы выхавальнікаў і спецыялістаў дзіцячага сада, лячэнне і адпачынак хворых дзяцей, пастаўку абсталявання і методык для рэабілітацыі хворых дзяцей і інш. З'яўлялася членам Жаночай Еўрапейскай акадэміі. Валодае нямецкай мовай, працавала перакладчыкам і выхавацелем у групах дзяцей, дзяцей і бацькоў, запрошаных на лячэнне або аздараўленне ў Германію.