Нарадзілася 9 лютага 1975 года ў г. Патсдаме (Германія) у сям'і вайскоўца.
У 1994 годзе з адзнакай скончыла Гомельскае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці «Выкладанне ў пачатковых класах агульнаадукацыйнай школы», у 2001 годзе — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура» са спецыялізацыяй «Беларуская мова і літаратура».
У 2002 годзе скончыла аўтарскія курсы С. І. Гін «Выкарыстанне ТРВЗ-тэхналогій у навучанні малодшых школьнікаў»; у 2004 годзе — курсы перападрыхтоўкі ў Гомельскім дзяржаўным абласным інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі па спецыяльнасці «Практычная псіхалогія».
З 2004 па 2007 год з'яўлялася саіскальнікам кафедры псіхалогіі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці «Педагагічная псіхалогія».
Працавала настаўнікам пачатковых класаў у школе-гімназіі № 58 г. Гомеля. З 2001 года — настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 г. Гомеля.
З 1994 года вядзе факультатыўныя заняткі па асновах тэатральнай дзейнасці. З 1997 года ў навучанні дзяцей чытанню і матэматыцы выкарыстоўвае элементы методыкі М. А. Зайцава.
З 1999 па 2006 год праводзіла заняткі па спецкурсах «Навучанне дзяцей грамаце і матэматыцы па методыцы М. А. Зайцава», «Развіццё творчых здольнасцяў на ўроках выяўленчага мастацтва», «Арганізацыя тэатральнай дзейнасці малодшых школьнікаў», «Канцэптуальныя падыходы пабудовы курса матэматыкі ў пачатковай школе» ў Гомельскім дзяржаўным абласным інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі.
У 2003-2004 вучэбным годзе вяла курс «Школа творчай асобы» ў Гомельскім педагагічным каледжы.
З 2015 г. настаўнік пачатковых класаў дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 69 г. Гомеля».
У 1999 годзе заняла 1 месца ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства «Малады настаўнік года — 99». У 2003 годзе ўзнагароджана дыпломам III ступені за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе «Адкрыты ўрок», які праводзіцца рэдакцыяй «Настаўнiцкай газеты».
Мае шэраг публікацый і выдадзеных дапаможнікаў.
Настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі; кіраўнік метадычнага аб'яднання настаўнікаў пачатковых класаў.