Нарадзілася ў г. Ленінградзе (цяпер г. Санкт-Пецярбург, Расія).
Скончыла мінскую школу і філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яшчэ школьніцай пачала займацца ў дзіцячай тэатральнай студыі Палаца культуры прафсаюзаў. Пасля заканчэння рэжысёрскіх курсаў працавала ў той жа студыі рэжысёрам-педагогам.
Перайшоўшы на працу ў Навукова-даследчы інстытут педагогікі (цяпер Нацыянальны інстытут адукацыі), займалася праблемамі эстэтычнага выхавання, супрацоўнічала з Беларускім рэспубліканскім тэатрам юнага гледача.
У 1987 годзе па заданні Міністэрства адукацыі прыступіла да падрыхтоўкі беларускай версіі праграм па сусветнай мастацкай культуры. З 1989 па 2009 год выкладала сусветную мастацкую культуру і гісторыю тэатра ў спецыялізаваных класах першай у рэспубліцы школы з тэатральным ухілам (школа № 136 г. Мінска). У 1990-я гады была суаўтарам некалькіх варыянтаў праграм па сусветнай мастацкай культуры, у тым ліку праграмы «Чалавек у свеце культуры».
З 1990 года працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў: выкладае агульную і прафесійную педагогіку, методыку выкладання тэорыі і гісторыі мастацтваў, а таксама курс «Міфы ў мастацтве». Кандыдацкую дысертацыю па мастацтвазнаўстве абараніла на тэму «Типология образов детства в европейском искусстве Нового времени».
Аўтар больш за 150 публікацый, сярод якіх навуковыя, навукова-папулярныя артыкулы, вучэбныя і вучэбна-метадычныя дапаможнікі, праграмы для школ і ВНУ.