Нарадзілася 3 студзеня 1957 года ў с. Станіслаўчык Ставішчанскага раёна Кіеўскай вобласці (Украіна).
У 1978 годзе з адзнакай скончыла факультэт пачатковай адукацыі Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага.
Працавала настаўнікам пачатковых класаў у сярэдняй школе № 6 г. Мінска (цяпер гімназія № 6), потым намеснікам дырэктара сярэдняй школы № 49 г. Мінска, дырэктарам сярэдняй школы № 191 г. Мінска, метадыстам у аддзеле пачатковай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Рэспублікі Беларусь, старшым выкладчыкам кафедры рускай і беларускай моў факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (па сумяшчальніцтве). З 2010 года па цяперашні час працуе дырэктарам ліцэя Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
У 2007 годзе скончыла аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Узнагароджана граматамі ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна, Мінскага гарадскога камітэта па адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, БНТУ, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».
Мае больш за 20 публікацый у часопісах «Пачатковая школа», «Пачатковае навучанне» і інш.; з'яўляецца аўтарам і суаўтарам рабочых сшыткаў па беларускай мове для 1–4 класаў, вучэбнага комплексу па беларускай мове для 1 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання, метадычнага дапаможніка для настаўнікаў «Літаратурнае чытанне. 4 клас. Для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання». Аўтар праграмы факультатыўнага курса для 2–4 класаў, метадычных рэкамендацый для настаўнікаў і дыдактычнага дапаможніка для 2 класа «Кніга запрашае ў падарожжа», дыдактычных матэрыялаў «Переходим во 2 класс», «Переходим в 3 класс», «Переходим в 4 класс», дапаможніка па рускай мове «Поступаем в гимназию», серыі кніжак загадак-размалёвак «Птицы», «Звери», «Цветы», артыкула ў «Белорусской педагогической энциклопедии».