Бардовіч Анатолій Майсеевіч

Бордович А. М.

Нарадзіўся 3 студзеня 1928 года ў в. Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сям'і селяніна.

У 1942-1945 гадах вучыўся ў Сыктыўкарскім педагагічным вучылішчы імя І. Куратава. Працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратурнага чытання ў Керчомскай пачатковай сярэдняй школе Усць-Куломскага раёна (1945-1946), завучам у Данской пачатковай сярэдняй школе таго ж раёна (1946-1947).

У 1947-1951 гадах — студэнт факультэта мовы і літаратуры і адначасова лабарант Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага.

У 1951-1953 гадах — загадчык вучэбнай часткі і выкладчык рускай мовы і літаратуры Нясвіжскага педагагічнага вучылішча.

У 1953-1956 гадах — аспірант кафедры рускай мовы, выкладчык Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага.

З 1957 года працаваў у ВНУ старшым выкладчыкам, у 1961-1965 гадах — дацэнтам, у 1965-1974 гадах — загадчыкам кафедры агульнага і рускага мовазнаўства, з канца 1974 — намеснікам дэкана. З 1978 года — дэкан філалагічнага факультэта, пасля падзелу факультэта ў 1993 годзе — дэкан факультэта рускай філалогіі. З 2001 года — прафесар кафедры сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Працу ў інстытуце сумяшчаў з працай у Міністэрстве асветы БССР (1956-1957) і ў Міністэрстве вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі БССР (1961-1965).

Стаж педагагічнай працы — 61 год.

А. М. Бардовіч працаваў на курсах павышэння кваліфікацыі выкладчыкам рускай мовы ў Балгарыі, у 1975-1977 гадах — дацэнтам кафедры рускай філалогіі Вышэйшай педагагічнай школы ў г. Кракаве (Польшча), падрыхтаваў 45 магістраў.

Многія гады кіраваў філалагічнай секцыяй Дзяржаўнай камісіі па падручніках і вучэбных дапаможніках пры Савеце Міністраў БССР.

А. М. Бардовіч з'яўляецца адным з аўтараў падручнікаў па рускай мове для 5-9 класаў школ з беларускай мовай навучання, якімі з 1965 года на працягу 30 гадоў карысталіся навучэнцы і выкладчыкі (як аўтар школьных падручнікаў, быў ў 1971 годзе ўдзельнікам ВДНГ СССР); вучэбных дапаможнікаў па рускай мове для студэнтаў факультэтаў педагогікі і методыкі пачатковага навучання, філалагічных факультэтаў; вучэбнага дапаможніка «Сопоставительный курс русского и белорусского языков»; многіх навуковых і метадычных артыкулаў.

Упершыню ў Рэспубліцы Беларусь А. М. Бардовічам у суаўтарстве з Л. М. Шакуном створаны «Марфемны слоўнік беларускай мовы» (1975). Таксама А. М. Бардовіч з'яўляецца суаўтарам «Словаўтваральнага слоўніка беларускай мовы», «Школьнага марфемнага слоўніка беларускай мовы», «Школьнага словаўтваральнага слоўніка беларускай мовы» (2006).

За заслугі ў галіне вышэйшай адукацыі СССР А. М. Бардовіч узнагароджаны Міністэрствам вышэйшай адукацыі СССР нагрудным знакам «За выдатныя поспехі ў працы». Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 6 снежня 1982 года А. М. Бардовічу прысвоена ганаровае званне Заслужанага работніка вышэйшай школы Беларускай ССР.

Кандыдат філалагічных навук (1958), прафесар (1992).

up