Дзень беларускага пісьменства

Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,
Што палясоўшчыкам служыў?
На Пуцявішчы, у Панаса,
Ён там ля лазні блізка жыў.
Канстанцін Вераніцын. «Тарас на Парнасе»

3 верасня ў нашай краіне адзначаецца важнае свята — Дзень беларускага пісьменства. Гэтая падзея аб’ядноўвае людзей, якія з вялікай павагай ставяцца да роднага слова, духоўных здабыткаў нашага народа, нацыянальнай культуры, асветы і літаратуры. Менавіта пісьменства з’ядноўвае мінулае, цяперашняе і будучае, зберагаючы як найвялікшы скарб сувязь пакаленняў.


Сёлета свята пройдзе пад знакам трыццацігоддзя Дня беларускага пісьменства.

Сімвалічна, што гэты юбілей святкуецца ў Гарадку, на Віцебскай зямлі, якая дала асноўны імпульс развіццю беларускага кнігавыдання і дзе ў 1994 годзе ў старажытным Полацку распачалася традыцыя правядзення Дня беларускага пісьменства.

Для жыхароў Гарадоцкага раёна гэта выдатная магчымасць паказаць сябе, распавесці пра насычаную гісторыю і багатую культуру роднага краю.

Традыцыйна ў рамках свята пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія», міжнародны круглы стол з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя «Гарадоцкія чытанні», фінал дзіцячага конкурсу «Жывая класіка», фестываль кнігі і прэсы.

Гарадоцкі раён — малая радзіма Канстанціна Вераніцына, аўтара вядомай сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе» — помніка беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя.

Запрашаем здзейсніць літаратурнае падарожжа ў Гарадок і даведацца, як паэма «Тарас на Парнасе», паводле трапнай заўвагі літаратуразнаўцы Алега Лойкі, «стала патрыятычнай песняй, выражэннем любові да роднага слова, марай аб вялікім будучым беларускай літаратуры, паэтызацыяй узыходжання яе на Парнас».


Віншуем усіх, хто мае непасрэднае дачыненне да беларускага пісьменства і звяртае нас да каштоўнасцей, якія закладзены ў кнігах: павага да простага чалавека, маральная чысціня і самаадданая любоў да Бацькаўшчыны!