Зборнік «Размова з люстэркам»

Серыя «Сучасная беларуская лiтаратура» — гэта сумесны літаратурны праект выдавецтва «Аверсэв» і Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Кожная кніга серыі — гэта дуэт літаратуры і жывапісу. У афармленні вокладак выкарыстаны рэпрадукцыі карцін з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Зборнік «Размова з люстэркам»

Чацвёртая кніга серыі называецца «Размова з люстэркам». Гэта зборнік жаночых навел. У ім адлюстраваны пяшчотны і пільны, здзіўлены і гнеўны погляд беларускіх пісьменніц на наш час. У невялікіх творах столькі падзей і эмоцый, што ўвесь зборнік успрымаецца як фестываль сучаснага кароткаметражнага кіно.

Навела «Белая дача» Веры Зелянко — гэта літаратурнае падарожжа па Мінску. Пісьменніца з цеплынёй апісвае часы свайго дзяцінства ў Курасоўшчыне, у ваколіцах маляўнічай Белай дачы.
Вострасюжэтныя псіхалагічныя апавяданні Святланы Бязлепкінай маюць дэтэктыўную фабулу. Пісьменніца трымае чытача ў напружанні: ці змогуць героі пераадолець выпрабаванні лёсу?
Творы Ніны Рыбік і Алены Стэльмах даследуюць любоўны трохкутнік. Пісьменніцы прапануюць чытачам паразважаць аб тым, што ўсе думкі і дзеянні ў жыцці ўзаемазвязаны і кожны ўчынак мае свае наступствы.
Навелы Алены Брава і Таццяны Дашкевіч нагадваюць серыі сацыяльнай ці нават крымінальнай драмы. Сюжэты твораў пераносяць чытача ў няпростыя 1990-я гады. Захапляльная дынаміка падзей сумяшчаецца з глыбокім псіхалагізмам і сімвалічным асэнсаваннем рэальнасці.
Творы Валянціны Драбышэўскай падобныя да светлых рамантычных камедый. Сюжэты яе навел пацвярджаюць, што ў жыцці ўсё не выпадкова. Нават звычайны мех бульбы можа стаць падставай для стварэння сям’і, а пятніца 13-га — самым шчаслівым днём жыцця.
Навела «І дарога была адна…» Таццяны Дземідовіч — гэта падарожжа ў дзяцінства, з якога пачынаюцца ўсе шляхі. Шчымлівая вера ў адраджэнне надзеі падштурхоўвае гераіню вярнуцца да скрыжаванняў маленства і шукаць тое, што згубіла чвэрць стагоддзя таму.
Невялікі твор «Размова з люстэркам» Настассі Нарэйкі гучыць як шэпт-споведзь. Гледзячыся ва ўсе люстэркі, гераіня нібы раскрывае перад чытачамі свой боль, паказвае, як чарнобыльская трагедыя прывяла да распаду душы і цела.
Маладая пісьменніца Ясенія Аляксеева ў сваім творы імкнецца перадаць цеплыню і каштоўнасць пачуцця любові да родных. «Колькі яшчэ разоў я змагу чуць смех блізкіх людзей? Колькі яшчэ я змагу бачыць іх усмешкі?» — гэтыя пытанні застаюцца ў думках пасля чытання светлай навелы «Скрыпка».

На старонках зборніка гарманічна суіснуюць навелы ўжо прызнаных мастачак прозы і літаратурныя эксперыменты маладога пакалення беларускіх пісьменніц. Творы аб’ядноўвае эмацыянальная шчырасць, псіхалагізм, глыбокія і дакладныя метафары.

У афармленні вокладкі кнігі выкарыстана рэпрадукцыя карціны Вольгі Мельнік-Малахавай «Бабы. Першая частка трыпціха» (2015) з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Вольга Мельнік-Малахава валодае ўнікальным талентам — распавядаць жывапісныя навелы. Кожная яе карціна — маленькае апавяданне, якое дыхае жывым, смелым, шчодрым жаночым характарам.

Першы агляд кнігі «Размова з люстэркам», які падрыхтаваў Кірыл Ладуцька, можна знайсці на сайце выдавецкага дома «Звязда».

Падрабязней пра іншыя кнігі серыі:
«Дараванне»
«Душа твая светлая»
«Чароўная скарбніца»
«Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын»
«Цені дзікага палявання»
«Планета ў падарунак»