Зборнік «Планета ў падарунак»

Серыя «Сучасная беларуская лiтаратура» — гэта сумесны літаратурны праект выдавецтва «Аверсэв» і Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Кожная кніга серыі — гэта дуэт літаратуры і жывапісу. У афармленні вокладак выкарыстаны рэпрадукцыі карцін з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Зборнік «Планета ў падарунак» спадабаецца аматарам навуковай фантастыкі і містыкі. Гэтая кніга — станоўчы адказ на пытанне: «Ці існуе такая з’ява, як беларуская фантастыка?» Зборнік паказвае, якія яскравыя і займальныя творы пішуць нашы сучаснікі.

Надрукаваныя ў кнізе аповесці і апавяданні адкрыюць перад чытачамі бездань аўтарскай фантазіі. Пад вокладкай чакаюць захапляльныя і неверагодныя вандроўкі на невядомыя планеты, бітвы з гіганцкімі касмічнымі монстрамі і расследаванні пазазямных крымінальных спраў. Аматары фантастыкі ведаюць гэтае непаўторнае пачуццё: паглыбляцца ў выдуманы свет, шукаць логіку яго існавання, атрымліваць асалоду ад майстэрскіх аўтарскіх знаходак і таго, наколькі бездакорна і суцэльна ўсё прадумана.

Але ў кнізе знойдуцца творы не толькі пра далёкія планеты. Касмічныя прыгоды суседнічаюць з апавяданнямі, якія спачатку здаюцца цалкам рэалістычнымі. Іх героі — звычайныя людзі. Яны жывуць побач з намі, катаюцца на тралейбусах па Мінску і губляюцца ў пераходзе ля станцыі метро «Пушкінская». У такія паўсядзённыя замалёўкі тонка заплецены элементы містыкі: сустрэчы з нячысцікамі і прывідамі, падпісанне дамовы з вампірамі і барацьба з сатаністамі за душу каханага. Сутыкненне з таямнічым бокам жыцця перададзена ў кожным творы настолькі рэалістычна, што па скуры міжволі прабягаюць дрыжыкі. Атмасфера загадкавасці не адпускае, трывожны пошук не спыняецца нават тады, калі кніга ўжо закрыта.

Аўтары зборніка — сучасныя пісьменнікі Раіса Баравікова, Генадзь Аўласенка, Анатоль Казлоў, Андрэй Федарэнка, Людміла Рублеўская, Алесь Бычкоўскі, Сяргей Белаяр, Таццяна Сівец, Алёна Беланожка. І зусім маладыя, і ўжо вопытныя творцы разам малююць захапляльны сусвет, куды запрашаюць чытачоў.

У афармленні вокладкі кнігі выкарыстана рэпрадукцыя карціны «Касмічны нацюрморт» Аляксандра Кішчанкі з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Аляксандр Міхайлавіч Кішчанка — народны мастак Беларусі, мастак-інтэлектуал еўрапейскага ўзроўню. Яго філасофскі «Габелен стагоддзя» ў 1999 годзе быў занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса. У карціне «Касмічны нацюрморт» Аляксандр Кішчанка раскрывае тэму суіснавання Чалавека і Сусвету, пераасэнсоўвае міфалагічныя матывы. Карціна прыцягвае ўвагу да вокладкі кнігі і, як таямнічае святло далёкіх зор, бударажыць фантазію чытача.

Падрабязней пра іншыя кнігі серыі:
«Дараванне»
«Душа твая светлая»
«Чароўная скарбніца»
«Размова з люстэркам»
«Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын»
«Цені Дзікага палявання»