Зборнік «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын»

Серыя «Сучасная беларуская лiтаратура» — гэта сумесны літаратурны праект выдавецтва «Аверсэв» і Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Кожная кніга серыі — гэта дуэт літаратуры і жывапісу. У афармленні вокладак выкарыстаны рэпрадукцыі карцін з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Зборнік «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын»

Пятая кніга серыі — «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын». У ёй сабраны «мужчынскія» апавяданні сучасных беларускіх аўтараў. Правакацыйную назву выданню дало невялікае апавяданне-інтэрв’ю з інтрыгуючым пачаткам і нечаканым канцом.

Кніга нагадвае сустрэчу дзесяці сяброў, якія даўно не бачыліся. Кожны з іх жадае расказаць гісторыю з жыцця ці неверагодную байку, каб пацешыцца або паразважаць. Настальгічныя ўспаміны аб дзіцячых летуценнях і авантурныя апісанні любоўных прыгод суседнічаюць з філасофскімі разважаннямі пра бацькоў і малую радзіму. Ёсць творы, якія з першай старонкі захапляюць дынамічным і непрадказальным сюжэтам, а ёсць апавяданні-прытчы, апавяданні-споведзі, у цэнтры якіх — перапляценне эмоцый.

Падзеі твораў адбываюцца то на Шуміліншчыне, то ў палескай глыбінцы. З дняпроўскіх прастораў героі пераносяцца ў хаты кантрабандыстаў каля беларуска-польскай мяжы, а з Замкавай гары ў Навагрудку — у далёкую Японію.

У кнігу ўвайшлі апавяданні Навума Гальпяровіча, Алеся Кажадуба, Міледзія Кукуця, Генадзя Аўласенкі, Уладзіміра Ягоўдзіка, Уладзіміра Мажылоўскага, Віктара Шніпа, Віктара Варанца, Алеся Бадака і Алеся Бычкоўскага. Вядомыя беларускія пісьменнікі распавядаюць свае пацешныя і трагічныя, дэтэктыўныя і містычныя, сапраўдныя і ўяўныя гісторыі. Асаблівае задавальненне — гэта чароўная, сакавітая, трапная беларуская мова, якой яны напісаны. Дзеля гэтых твораў хочацца адкласці ўсе справы, заварыць гарбату, сесці ва ўтульнае крэсла і застацца сам-насам з кнігай.

У афармленні вокладкі кнігі выкарыстана рэпрадукцыя карціны Ягора Батальёнка «Райская яблыня» (2001) з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Ягор Батальёнак — далікатны, удумлівы жывапісец, стваральнік незямных, ідэальных пейзажаў. Яго карціны — гэта сны, мары, успаміны, якія нечакана набываюць манументальную веліч. Сюжэт «Райскай яблыні» просты: мужчына прыйшоў у стайню запрагаць каня і залюбаваўся квітнеючай яблыняй. Карціна кранае колерамі і казачнасцю, а матавы пераплёт кнігі падкрэслівае яе незямныя фарбы.

Падрабязней пра іншыя кнігі серыі:
«Дараванне»
«Душа твая светлая»
«Чароўная скарбніца»
«Размова з люстэркам»
«Цені дзікага палявання»
«Планета ў падарунак»