Дзень беларускага пісьменства

Ніякае багацце людзей не бывае
даражэйшым за іх родную мову.
Якуб Колас

Штогод у першую нядзелю верасня мы адзначаем Дзень беларускага пісьменства. Свята існуе ўжо больш за трыццаць гадоў і за гэты час паспела стаць адной з галоўных культурных падзей краіны. У гэты дзень мы дзякуем усім, хто стаяў ля вытокаў беларускага пісьменства і хто працягвае гэтую справу сёння.

Свята не мае сваёй сталіцы. Кожны год яно праводзіцца ў розных гарадах, дзе калісьці нарадзіліся, друкавалі кнігі ці вучылі грамаце вядомыя культурныя дзеячы. У гэтым годзе Дзень беларускага пісьменства адбудзецца 5 і 6 верасня на Магілёўшчыне. Сталіцай свята стануць Касцюковічы. Тут нарадзіліся народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў і народны пісьменнік Іван Чыгрынаў, паэты Алесь Пісьмянкоў і Аляксей Русецкі – усяго амаль тры дзясяткі імёнаў літаратараў!

Звычайна праграма свята прадугледжвае ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, правядзенне вялікага кніжнага кірмашу, канцэртаў і сустрэч чытачоў з аўтарамі. Але самае галоўнае ў гэты дзень не мерапрыемствы, а нагода размаўляць і чытаць на роднай мове.

З Днём беларускага пісьменства!

Дзень беларускага пісьменства