Гучы, беларуская мова!

Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор,
і гэты твор — мова.
Алесь Разанаў.

Штогод 21 лютага ў розных краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята нагадвае пра важнасць захавання і развіцця нашай культурнай спадчыны. Нацыянальная мова, матчына мова, родная мова... У кожнага чалавека яна свая, блізкая сэрцу, атрыманая ад продкаў.

Свята заклікае кожнага беларуса адчуць сувязь з беларускай мовай — старажытнай, непаўторнай, самабытнай і вельмі мілагучнай. Для беларусаў родная мова — гэта гонар і годнасць, неад’емная частка нашай культуры і ідэнтычнасці. Нагадаем словы песняра Янкі Купалы: «Гэта душа душы беларуса — мова зраслася з ім, як зрастаецца са сваім коранем дрэва. Падкапайце яго, абсячыце дазвання яго корань — дрэва засохне, перастане жыць». Вельмі хочацца, каб кожны з нас карыстаўся беларускай мовай не толькі раз на год, а каб яна стала сапраўдным сродкам камунікацыі, культурным кодам, проста мовай, якой мы карыстаемся кожны дзень. І ў нашых сілах на гэта паўплываць, бо ўсё магчыма для людзей, якія паважаюць сваю спадчыну.

Беларускую мову недастаткова вывучаць, на ёй трэба размаўляць, чытаць кнігі, варта, каб родная мова гучала, важна яе чуць. Выдавецтва «Аверсэв» заўсёды з задавальненнем падтрымлівае праекты, якія спрыяюць папулярызацыі нашай роднай мовы і развіццю беларускамоўнага асяроддзя. У нашым інтэрнэт-магазіне чытач любога ўзросту знойдзе штосьці для сябе. Бацькам маленькіх беларусаў раім звярнуць увагу на серыю для развіцця беларускага маўлення, гульні і аўдыяказкі. Для вучняў пачатковай школы ў нас ёсць цікавыя вучэбныя дапаможнікі. А яшчэ з’явілася навінка — «Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў пачатковай школе». Паэзія і проза сучасных беларускіх пісьменнікаў, творы любімых класікаў пазнаёмяць маленькіх чытачоў з прыгажосцю роднай мовы, натхняць на вывучэнне беларускай культуры, традыцый і гісторыі. Для сярэдняй школы наша выдавецтва распрацавала рабочыя сшыткі па беларускай мове і літаратуры, арфаграфічныя трэнажоры, зборнікі дыктантаў, тэстаў. Усё для таго, каб вучням было лягчэй вывучаць родную мову. І канешне, варты ўвагі наш асаблівы праект: серыя кніг «Сучасная беларуская літаратура». Выдавецтва «Аверсэв» сабрала разам творы, якія пазнаёмяць чытача з талентам сучасных беларускіх пісьменнікаў і пашыраць уяўленне пра разнастайнасць сучаснай беларускай літаратуры.

Атрымлівайце асалоду ад беларускай мовы кожны дзень, а выдавецтва «Аверсэв» вам у гэтым дапаможа. Са святам матчынай мовы! Хай кожны дзень будзе Днём роднай мовы!