День белорусской письменности
Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца, як бы
корань з дрэвам, як бы з небам сонца!
Янка Купала. «Роднае слова»
Дзень беларускага пісьменства – значнае культурнае свята, якое штогод адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Гэта свята пісьменнікаў, журналістаў, кнігавыдаўцоў і ўсіх тых, хто шануе родную мову.
Дзякуючы роднаму слову мы памятаем пра свае вытокі, бо менавіта пісьменства аб’ядноўвае мінуўшчыну, сучаснасць і будучыню. Таму асноўная ідэя Дня беларускага пісьменства – беражлівае захаванне і развіццё духоўнай спадчыны краіны. Невыпадкова свята праводзіцца ў гарадах з багатым гістарычным мінулым, цэнтрах адукацыі, культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання, такіх як Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Мсціслаў, Слонім і інш.
У 2024 годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства стаў горад Івацэвічы Брэсцкай вобласці. У Івацэвічскім раёне нарадзіўся пісьменнік Піліп Пестрак, журналіст і майстар лірычнай прозы Яраслаў Пархута. Недалёка ад Івацэвічаў знаходзяцца знакавыя славутасці – дом-музей Тадэвуша Касцюшкі і палац Пуслоўскіх у Косаве.
У рамках Дня беларускага пісьменства ўдзельнікаў і гасцей свята чакае насычаная культурная праграма. На працягу двух дзён плануецца правесці каля 70 мерапрыемстваў, дзе можна будзе пазнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі пісьменнікамі, журналістамі і выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і празаікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Па традыцыі падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства, якая пройдзе 31 жніўня, адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Дзень беларускага пісьменства – гэта магчымасць прыгадаць знакамітых пісьменнікаў, творы якіх сталі неад’емнай часткай нашай ідэнтычнасці. Гэта нагода ганарыцца дасягненнямі беларускай мовы і літаратуры, а таксама задумацца пра будучыню, якую мы будуем для нашых дзяцей.
Выдавецтва «Аверсэв» віншуе ўсіх з цудоўным святам! Няхай беларускае пісьменства і любоў да роднай мовы працягваюць натхняць і аб’ядноўваць нас!