III адкрытая алімпіяда БДУ па геаграфіі «RADIUS IUVENTAE»

Факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ запрашае навучэнцаў школ, гімназій і ліцэяў прыняць удзел у ІІІ адкрытай алімпіядзе БДУ па геаграфіі «Radius Iuventae». Алімпіяда праводзіцца для выяўлення адораных дзяцей сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама для павышэння цікавасці да вучэбнага прадмета «Геаграфія».

Навучэнцам прапануюць адказаць на пытанні і выканаць заданні, якія дазваляюць выявіць узровень валодання агульнатэарэтычнымі ведамі ў геаграфічнай навуцы і навыкамі прасторавага мыслення.

Адкрытая алімпіяда БДУ па геаграфіі «Radius Iuventae» пройдзе ў два этапы. Правядзенне першага (завочнага) этапа алімпіяды запланавана на 17 мая 2023 года з 12:00 да 19:00. Для ўдзелу ў завочным этапе папярэдняя рэгістрацыя не патрабуецца. Гіперспасылка на заданні завочнага этапа будзе размешчана на сайце факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі ў дзень правядзення алімпіяды (17 мая да 12:00).

Правядзенне другога (вочнага) этапа алімпіяды запланавана на 27 мая 2023 года. У гэты дзень навучэнцам, адабраным па выніках правядзення завочнага этапа, будзе неабходна выканаць заданні алімпіяды ў сценах факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ.

Вынікі III адкрытай алімпіяды БДУ па геаграфіі «Radius Iuventae» будуць падведзены пасля заканчэння вочнага этапа (27 мая). Пераможцы атрымаюць дыпломы і памятныя прызы.

Арганізатарам алімпіяды з’яўляецца факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ. Выдавецтва «Аверсэв» выступае інфармацыйным партнёрам дадзенага мерапрыемства.

Запрашаюцца ўсе жадаючыя!

up
Вход