Навучанне праз адкрыццё, або што такое эўрыстычная казка

Які чалавек сёння сугучны свету? Чалавек, які думае, параўноўвае, умее ствараць, прымаць нестандартныя рашэнні. Рэчаіснасць, што імкліва змяняецца, падводзіць нас да разумення: неабходна фарміраваць у дзяцей крэатыўнасць з ранняга ўзросту і падтрымліваць яе на працягу ўсяго перыяду сталення.

Аднак калі мы проста чытаем з дзецьмі кнігі, нават самыя цікавыя і захапляльныя, дзіця застаецца ў пасіўнай пазіцыі. Творчасць жа будзе зараджацца там, дзе яно пачне размаўляць з героямі, задаваць пытанні, выконваць заданні, накіраваныя на фарміраванне асабістага меркавання. У гэтым і заключаецца сэнс прачытання (ці пражывання) эўрыстычных казак.

Кніга «Эвристические сказки. Обучение через открытие. В поисках знаний сердца» з серыі эўрыстычных казак пра Лісяня аўтараў Андрэя Дзмітрыевіча Караля і Кацярыны Анатольеўны Бушманавай — гэта дзіўнае спалучэнне рэальнасці і чараўніцтва, якое дазваляе дзіцяці здзяйсняць свае ўласныя адкрыцці.

Кожная казка ў кнізе мае каштоўнасны кампанент, бо героі разважаюць пра актуальныя і важныя пытанні: сяброўства, сямейныя адносіны, тэхналогіі, камп’ютарныя гульні, сучасную школу і многае іншае.

Пасля прачытання кожнай эўрыстычнай казкі дзіця адказвае на адкрытыя пытанні і выконвае заданні. Напрыклад, пасля казкі пра важнасць сяброўства прадстаўлены наступныя пытанні і заданні: «Чым, на твой погляд, адрозніваецца каманда ад сяброўства?», «Апішы свайго лепшага сябра. У чым вы падобныя, а ў чым — не?», «Якое самае важнае пытанне ты задаваў свайму сябру? А што самае-самае важнае ты мог бы яму сказаць?», «Ці могуць тата і мама быць тваімі сябрамі?». Гэта заданні, якія вучаць дзіця разважаць і глядзець на свет уласнымі вачамі.

У сукупнасці чытанне самой казкі і выкананне такіх заданняў дае шматмерны адукацыйны вынік. Тут ёсць і фарміраванне сістэмы каштоўнасцей, і развіццё эмацыянальнай сферы, крэатыўнасці і крытычнага мыслення — усяго таго, што неабходна для станаўлення паспяховай асобы, гатовай да выклікаў сучаснасці.

Калі звычайная казка — гэта даведнік па жыцці, які кажа дзіцяці, што такое дрэнна, а што такое добра, як паступаць у тых ці іншых выпадках, то ў эўрыстычнай казцы дзіця само адкрывае сябе і навакольны свет. Змест звычайнай казкі накіраваны на вучня, эўрыстычная казка задае вектар самапазнання.

Чытаць і абмяркоўваць з дзецьмі кнігу казак аб новых прыгодах Лісяняці можна як дома, так і на ўроках літаратуры у школе. Эўрыстычныя казкі дазваляюць настаўніку арганічна выкарыстоўваць гульнявыя, творчыя метады ў працэсе выкладання, вырашаць камунікатыўныя дылемы, садзейнічаць развіццю ў навучэнцаў фантазіі, уяўлення, крэатыўнага мыслення. Дзецям жа яны дапамагаюць вучыцца выказваць свой пункт гледжання і задаваць пытанні.

Эўрыстычная казка — гэта поўная адкрыццяў чароўная гісторыя, якая навучае. Гэта тая матрыца, з дапамогай якой дзіця можа зазірнуць углыб сябе, весці ўнутраны дыялог. У той жа час гэта звыклае для дзіцяці асяроддзе, зразумелая яму мова, «гаварэнне» на якой можа прынесці задавальненне. У гэтым і будзе адрозненне ад выканання звычайных заданняў, якія з’яўляюцца «дарослым» інструментам навучання.



up
Вход