Чыстапісанне — навык з мінулага або трэнажор для развіцця мозгу?

Вядома, што пісьмо — адзін з найстаражытнейшых навыкаў чалавека разам з вуснай мовай. Сёння існуе меркаванне, што з развіццём сучасных тэхналогій уменне пісаць ад рукі становіцца непатрэбным, што дастаткова ўмець друкаваць літары з дапамогай клавіятуры або дыктаваць у спецыяльным дадатку, які аўтаматычна стварае друкаваны тэкст.

Аднак існуюць даследаванні, якія даказваюць, што менавіта працэс пісьма ад рукі актывізуе ўнікальную камбінацыю аддзелаў мозга, спрыяе развіццю вышэйшых псіхічных функцый, пазітыўна ўплывае на рытм дыхання, дапамагае лепшаму засваенню, асэнсаванню і запамінанню інфармацыі, што дазваляе лепш яе пераказваць. Адным словам, уменне пісаць ад рукі — гэта важна.

Але правільна і прыгожа пісаць літары атрымліваецца не ва ўсіх. Прычын «дрэннага» почырку шмат: няправільная пасадка за сталом, месца знаходжання сшытка, ручкі падчас пісьма. Часта асноўнай прычынай становіцца недастатковая сфарміраванасць зрокава-маторнай каардынацыі, гэта значыць узгодненасці рухаў рук пад кантролем зроку.

Зразумела, што ўменні набываюцца і замацоўваюцца ў дзеянні. Вышаць пытанні з почыркам навучэнцам дапамагаюць розныя пропісі-трэнажоры — адзначаюць аўтары дапаможнікаў «Чыстапісанне. 1 клас. Пропісь-трэнажор» і «Чыстапісанне. 2 клас. Пропісь-трэнажор» Фаіна Уладзіміраўна Сушко і Кацярына Рамуальдаўна Абражэй.

Мэта аўтарскіх дапаможнікаў па чыстапісанні — замацаваць уменне пісаць правільна, а таксама папярэдзіць і выправіць тыя памылкі ва ўспрыманні і запамінанні напісання літар і іх спалучэнняў, што часта робяць вучні 1–2 класаў. Матэрыял распрацаваны ў адпаведнасці з паслядоўнасцю вывучэння літар на занятках.

Немагчыма добра вучыцца, калі ставіцца да вучобы абыякава, без цікавасці. У «Чыстапісанні» ўсе заняткі пабудаваны так, каб у вучня фарміравалася станоўчае ўспрыманне вучэбнай дзейнасці і развівалася адэкватная самаацэнка.

У пропісі-трэнажоры для 1-га класа заданні размешчаны ад простага да складанага. Розныя віды разлінейкі, каляровыя меткі-кропкі, стрэлкі, падказкі-ўзоры дапамагаюць дзіцяці арыентавацца на лісце, у радку, захоўваць памер літар, правільна іх злучаць. Звыклая для першакласнікаў «касая» разлінейка дапоўнена частай, шырынёй на адну літару, касой сеткай. Такім чынам, кожная літара ці элемент упісваецца ў асобную клетачку, якая задае вышыню, шырыню і нахіл. Працуючы з такой сеткай, вучань прывыкае пісаць літары акуратна, не расцягваць і не рабіць пісьмо занадта шчыльным.

Займальныя заданні пропісі-трэнажора для 2-га класа дапамагаюць удасканальваць уменне правільна пісаць вялікія і малыя літары, злучаць іх у словы. На кожнай старонцы размешчаны заданні на групы літар, якія найбольш часта скажаюцца пры пісьме. Таксама прапануюцца практыкаванні для работы не толькі са словам, але і са сказам і тэкстам.

Пасля выканання ўсіх заданняў адных заняткаў ідзе рэфлексія. Дзіця пад ускосным кіраўніцтвам дарослага ацэньвае сябе ў гульнявой форме: зафарбоўвае любімым колерам частку алоўка ў адпаведнасці з узроўнем адзнакі. Вясёлы Аловак дапамагае вучню пракантраляваць і прааналізаваць сваю старанную працу, адчуць радасць ад дасягнутага выніку.

У залежнасці ад індывідуальных асаблівасцей дзіцяці рэкамендуецца праводзіць заняткі працягласцю 15–20 хвілін. Пры гэтым непасрэдна пісьмо займае не больш за 5 хвілін.

З дапаможнікамі па чыстапісанні можна займацца і дома, а значыць, у бацькоў з’явіцца яшчэ адна нагода правесці час з дзецьмі і дапамагчы ім. Падорым уменне пісаць прыгожа разам!

up
Вход