Разам з казкай мы расцём

Серыя дапаможнікаў для дашкольнікаў «Жыла-была казка» добра вядома як педагогам, так і бацькам. Пра асаблівасці работы з выданнямі мы папрасілі аўтараў дапаможнікаў: кандыдата педагагічных навук Раісу Раманаўну Касянюк і кандыдата псіхалагічных навук Таццяну Міхайлаўну Сацэнка.

Свет дзіцяці неймаверны без казак. Серыя дапаможнікаў «Жыла-была казка» дапаможа педагогам і бацькам «ажывіць» для дзяцей казачныя гісторыі пра Курачку Рабу, Калабка, Рэпку, Церамок, Семярых Казлянят і Воўка.

Універсальная методыка знаёмства дзяцей ранняга ўзросту з казкай, распрацаваная на аснове інтэграцыі прынцыпаў дашкольнай педагогікі і дзіцячай псіхалогіі, накіравана на далучэнне дзіцяці да каштоўнасцей культуры, узбагачэнне яго эстэтычнага, пазнавальнага, маўленчага і эмацыйнага развіцця.

Кожны дапаможнік серыі «Жыла-была казка» складаецца з двух раздзелаў: «Расказваем казку» і «Гуляем з казкай», у якіх падрабязна раскрыты спосабы знаёмства дзяцей з казачнай гісторыяй на рускай і беларускай мовах з прымяненнем нагляднага матэрыялу. Прытрымліваючыся метадычных рэкамендацый, дарослыя змогуць з лёгкасцю асвоіць мастацтва расказвання казкі дзецям: расказваць казку і задаваць пытанні па змесце; расказваць казку з паслядоўнай дэманстрацыяй малюнкаў, якія адлюстроўваюць яе сюжэт; расказваць казку з дагаворваннем дзецьмі асобных слоў і выразаў і інш.

Спецыяльна распрацаваныя для дзяцей ранняга ўзросту варыятыўныя гульнявыя заданні дапамогуць прыцягнуць іх увагу да герояў казкі і дадуць магчымасць з цікавасцю ўключыцца ва ўзаемадзеянне з дарослым. А дзякуючы яркім каляровым ілюстрацыям кожнае заданне стане маленькай гульнёй — карыснай і займальнай!

Дапаможнікі серыі «Жыла-была казка» — гэта чытанне, якое развівае дзяцей з першых гадоў жыцця. Трэба толькі стварыць канкрэтныя ўмовы, у якіх яны будуць адчуваць асалоду ад слухання казкі.

Расказванне казак абавязкова павінна суправаджацца дэманстрацыяй малюнкаў, якія ілюструюць асобныя падзеі і прадметы. Пры гэтым важна, каб дзіця праяўляла актыўнасць і ўдзельнічала ў дыялогу з дарослым. З цягам часу дзеці навучацца разумець і прадстаўляць казачныя гісторыі, а затым і самі змогуць стаць іх апавядальнікамі.

Пры расказванні казак варта ўлічваць, што дзеці ўспрымаюць не толькі тэкст, але і эмоцыі, якімі дарослы суправаджае чытанне. Таму трэба «паказваць» дзеянні герояў голасам і мімікай, жэстамі адлюстроўваць тое, што адбываецца, але пры гэтым не пераігрываць, трымацца меры. Паступова дзеці, успрымаючы правільнае і выразнае маўленне дарослага, пачнуць выкарыстоўваць патрэбныя інтанацыі і ў самастойным маўленні.

Вартасць дапаможнікаў у тым, што:
● яны даюць магчымасць гуляць з героямі вядомых і любімых казак;
● маюць высакаякасныя ілюстрацыі: героі дэталёва прамаляваны, выявы вялікія, характарныя;
● падыходзяць для рэалізацыі зместу вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі ў спецыяльнай арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці ў розных узроставых групах;
● могуць выкарыстоўвацца для заняткаў дома, ва ўстанове дашкольнай адукацыі, у развіваючым цэнтры або падчас падарожжа;
● прызначаны як для індывідуальных заняткаў з дзіцем, так і для працы з групай дзяцей.

Слухайце, расказвайце і гуляйце разам з казкай!

up
Вход