«Аверсэв» – партнёр VI Біялагічнай інтэрнэт-алімпіяды
6 лістапада аб'яўлены пераможцы VI Біялагічнай інтэрнэт-алімпіяды. Гэта мерапрыемства дазваляе вучням 8-11-х класаў, захопленым біялогіяй, пратэсціраваць узровень ведаў па прадмеце і зразумець свае моцныя і слабыя бакі. Алімпіяда праходзіць з 2015 года пад кіраўніцтвам арганізацыйнага камітэта на чале з Дзмітрыем Барысавічам Сандаковым, кандыдатам біялагічных навук, дацэнтам кафедры фізіялогіі біялагічнага факультэта БДУ. Школьнікам з усіх рэгіёнаў Беларусі прапаноўваецца падборка цікавых заданняў рознай ступені складанасці, таму праверыць свае здольнасці могуць вучні з любым узроўнем падрыхтоўкі. Усе ўдзельнікі атрымліваюць дадатковыя магчымасці: дыягнастычную карту сваіх ведаў, анлайн-доступ да відэалекцый і дыскусійнай пляцоўкі, дзе выкладчыкі біялагічнага факультэта БДУ тлумачаць усе нюансы і тонкасці заданняў.
У гэтым годзе ў алімпіядзе прынялі ўдзел 437 школьнікаў – упершыню да вучняў з Беларусі далучыліся школьнікі з Казахстана. Лепшыя знаўцы біялогіі атрымаюць дыпломы і падарункі. Выдавецтва «Аверсэв» традыцыйна ўзнагародзіць пераможцаў з Беларусі камплектамі вучэбна-метадычнай літаратуры.