Праводзім лета з карысцю! Эўрыстычныя казкі
Што такое эўрыстыка? Гэта навука аб адкрыцці, аб стварэнні новага, аб творчым мысленні. Сучасны свет занадта хутка мяняецца, каб пры навучанні дзяцей выкарыстоўваць толькі гатовыя рашэнні і «правільную» інфармацыю. Эўрыстыка падразумявае, што малышы павінны самі знаходзіць адказы, адкрываць сябе і тое, што іх акружае. Задача бацькоў пры гэтым – падрыхтаваць такія ўмовы, у якіх дзіця зможа мяняцца падчас навучання.
Кніга, пра якую мы раскажам сёння ў рубрыцы «Праводзім лета з карысцю!», называецца «Эвристические сказки. Обучение через открытие. Приключения Лисенка и его друзей». Гэта не проста чароўныя гісторыі пра жыццё звяркоў, а пазнавальныя навучальныя тэксты для сумеснага чытання дзяцей і бацькоў.
Пасля кожнай казкі прыводзяцца заданні, на якія няма адназначных, правільных адказаў. Галоўнае тут – разважаць. З кім лепш сябе параўноўваць – з іншымі або з самім сабой? Як і дзе знайсці сілы, каб захацець нешта рабіць? Ці заўсёды памылкі – гэта дрэнна? Адказы на пытанні дзеці будуць шукаць разам з галоўнымі героямі – летуценным Лісянём, мудрым Катом, начытаным Зайцам. А лёгкія, пяшчотныя ілюстрацыі мастачкі Дзіяны Лапшыной дапамогуць малышам пагрузіцца ў свет чароўных гісторый.
Сумеснае чытанне эўрыстычных казак навучыць дзяцей і бацькоў лепш разумець адзін аднаго і навакольную рэчаіснасць. Абмяркоўваючы гісторыі пра Лісяня і яго сяброў, вы дапаможаце малышам раскрыць іх унутраны свет, развіць пазнавальныя і творчыя здольнасці. І ў будучыні яны стануць крэатыўнымі і актыўнымі дарослымі, якія ўмеюць ставіць мэты і дасягаць іх!