Праводзім лета з карысцю! Вучымся чытаць да школы

Як навучыць дашкольніка чытаць, каб захаваць пры гэтым цікавасць да кніг і далейшай вучобы? Галоўнае правіла – фарміраваць навык чытання паступова і паслядоўна. Спачатку дзеці вучацца адрозніваць асобныя гукі і літары, потым пераходзяць да чытання па складах і, нарэшце, спрабуюць чытаць словы, сказы і тэксты.

Адна з асноўных методык, правераных часам, – займацца па букварах, спецыяльных наглядных дапаможніках і трэнажорах. Працэс гэты няпросты і патрабуе ўседлівасці, але дзейсны. Таму сёння ў нашай рубрыцы «Праводзім лета з карысцю!» мы раскажам пра тыя дапаможнікі, якія дапамогуць дзіцяці навучыцца чытаць і замацаваць гэты навык.

«Букварь для дошкольников» – кніга з эфектыўнай методыкай навучання чытанню. Займацца з дзіцем трэба сістэматычна, па 10-15 хвілін у дзень. Буквар пачынаецца з алфавіта і раздзела з сюжэтнымі ілюстрацыямі, па якіх малыш павiнен прыдумаць і расказаць гісторыю. Так трэніруецца пабудова лагічнага, звязнага маўлення – толькі калі гэты навык сфарміраваны, можна прыступаць да навучання. Далей ідзе знаёмства з галоснымі і зычнымі, вывучэнне складоў і злітнае чытанне. А яшчэ ў кнізе шмат яркіх, жыццярадасных, добрых малюнкаў, якія дапамогуць зацікавіць малыша і сканцэнтраваць яго ўвагу на заданнях.

Навучыцца чытаць склады зручна з наглядным дапаможнікам «Окошки». У левым акенцы ўстанаўліваецца любая літара палоскі з зычнымі, а ў правым – перасоўваецца палоска з галоснымі. Дзіця называе склады, якія атрымаліся, потым зычная літара мяняецца – і малыш чытае новыя склады.

«Я читаю сам» і «Читалочка» – дапаможнікі з вялікай колькасцю практыкаванняў, гульнявых прыёмаў і заданняў на адпрацоўку навыкаў чытання, навыку прадугадвання слоў, на развіццё маўлення, увагі і памяці, фарміраванне творчых здольнасцей. А зборнік «Моя первая книга для чтения после букваря» з творамі з класікі дзіцячай літаратуры стане для малыша першай кнігай, якую ён зможа прачытаць самастойна, без дапамогі дарослых. Усе гэтыя выданні будуць карысныя як тым, хто толькі рыхтуецца да школы, так і тым, хто ўжо стаў школьнікам, але хоча навучыцца чытаць лепш.

Радуйцеся разам з малышамі іх першым прачытаным словам і сказам, хваліце і падбадзёрвайце, бо ад падтрымкі і захопленасці дарослых шмат у чым залежыць поспех дзяцей!

up
Вход