«Аверсэв» падтрымала важны сацыяльны праект

Адукацыю ў школе ці дзіцячым садку можна лічыць карыснай, калі яна не толькі дапамагае дзецям авалодаць асновамі навук, але і рыхтуе іх да жыцця ў грамадстве, вучыць адказнасці і маральнасці. Разумеючы, як важна выхоўваць у дзецях цікавасць і павагу да навакольнага свету, выдавецтва «Аверсэв» падтрымала сацыяльны праект «Мэта-99», задача якога – папулярызацыя адказнага абыходжання з бытавымі адходамі. Як правільна сартаваць смецце і як гэта дапаможа захаваць прыроду – трэба ведаць з дзяцінства.

Менавіта таму ў новым тыражы рабочых сшыткаў па прадмеце «Чалавек і свет» для 2-га і 3-га класаў цяпер ёсць не толькі пазнавальныя заданні, але і інфармацыя пра раздзельны збор адходаў. А каб дзецям было весялей знаёміцца з такой сур'ёзнай тэмай, у кожным сшытку мы размясцілі ўкладыш з наклейкамі пацешных янотаў – галоўных герояў праекта, якія даюць карысныя парады па сартаванні смецця.

Дадатковыя экалагічныя старонкі ў сшытках могуць стаць асобнай тэмай для абмеркавання на ўроку або ідэяй для правядзення класнай гадзіны, а яшчэ дазволяць настаўнікам і вучням далучыцца да важнага сацыяльнага праекта.

Клопат пра прыроду пачынаецца з самага дзяцінства!

up
Вход