«Вечерняя сказка к Рождеству» ад выдавецтва «Аверсэв»

19 снежня ў магазіне «Светач» сеткі «Белкніга» прайшла прэзентацыя кнігі «Вечерняя сказка к Рождеству», якая была выпушчана выдавецтвам «Аверсэв». Гэтая кніга - незвычайны збор любімых многімі пакаленнямі чароўных гісторый ад Ханса Крысціяна Андэрсена, Вільгельма Гаўфа, братоў Грым і іншых казачнікаў. Яна з'яўляецца часткай сацыяльна-творчага праекта «Сямейнае чытанне», ініцыяванага Беларускім саюзам жанчын пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

«Звычка чытаць павінна фарміравацца з самага дзяцінства. Дзіцячая кніга - гэта не проста зборнік апавяданняў, павучальных гісторый, вясёлых вершаў ды іншых твораў. Гэта тонкая нітка, якая звязвае дзіця з бацькамі. Сумеснае чытанне дае маме і тату магчымасць праз казку гаварыць з дзіцём, не дакучліва, а тонка і далікатна фарміраваць яго душу. Атрымліваецца, што кніга дапамагае стварыць асаблівую цёплую, даверную атмасферу і ўмацоўвае душэўную блізкасць. Менавіта ў гэтым і заключаецца сутнасць праекта "Сямейнае чытанне". Мы вельмі рады, што дзякуючы выдавецтву "Аверсэв" і яго новай кнізе наш праект стаў гучаць яшчэ больш магутна», - адзначыла на прэзентацыі Лілія Станіславаўна Ананіч, намеснік старшыні ГА «Беларускі саюз жанчын».

«Вечерняя сказка к Рождеству» - толькі першы крок «Аверсэв» у праекце. Дзмітрый Леанідавіч Дзямбоўскі, дырэктар выдавецтва, расказаў, што ў будучыні плануецца выпуск кнігі дзіцячых вершаў беларускага паэта Віктара Кудлачова, а таксама зборніка душэўных гісторый з пытаннямі для сямейнага абмеркавання і зборніка цікавых фактаў і загадак для самых дапытлівых.

left-arrow
right-arrow
up