Карціна месяца

Працягваем знаёмства з карцінамі беларускіх мастакоў з нашага календара.

«Стол». 1994 год
Рымашэўскі Сяргей Віктаравіч
Палатно, алей

Упершыню твор быў прадэманстраваны публіцы ў 2019 годзе ў рамках інтэрактыўнага выставачнага арт-праекта «Хованкі», прымеркаванага да Міжнароднага дня музеяў. Сапраўды, у гэтай крыху сюррэалістычнай карціне схавана шмат таямніц, вобразаў і цікавых дэталяў. Палатно запрашае гледача да інтэрактыўнага ўспрымання творчасці. Каб зразумець створаны мастаком вобраз, трэба спыніцца, угледзецца ў карціну і ўключыць уяўленне.

Работа прадстаўлена ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

 

Сяргей Віктаравіч Рымашэўскі (1964) у сваіх работах часта радуе аматараў мастацтва арыгінальным бачаннем свету. Пры стварэнні карцін мастак аддае перавагу неардынарнасці жывапісных прыёмаў, вастрыні мовы, пластычнай свабодзе выражэння, «шматслоўнай» канструкцыі мастацкага вобраза.

Карціны беларускага мастака прадстаўлены на шматлікіх выставах у Беларусі, Расіі, Нідэрландах, Германіі. Работы майстра знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкiм музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, а таксама ў прыватных калекцыях аматараў мастацтва розных краін.

up
Вход