Карціна месяца
Працяг знаёмства з карцінамі з нашага календара.
«Купальскі ранак». 2002 год
Бушчык Мікалай Уладзіміравіч
Палатно, алей
Карціна прысвечана старажытнаму народнаму святу летняга сонцастаяння і росквіту зямлі – Купаллю. Мастак намаляваў жаночыя лірычныя вобразы, светлыя, як сама прырода. Дзяўчаты збіраюць кветкі і ўзнімаюць вянкі з іх – сімвалы маладосці, кахання і чысціні – да ранішняга сонца і яснага неба. Выкарыстоўваючы насычаныя блакітныя і сінія фарбы на палатне, аўтар перадае дзіўную сілу колеру. Менавіта праз колер ён імкнецца данесці да ўсіх сваю філасофію і погляд на свет.
Мікалай Уладзіміравіч Бушчык (1948) – вядомы беларускі мастак-экспрэсіяніст. Ён бачыць у зямным – узвышанае, у звычайным – незвычайнае, у абмежаваным – бязмежнае. У яго жывапісе дзіўным чынам спалучаюцца пляма і лінія, прачытваюцца нечаканыя колеравыя гамы. Мастак ажыўляе прыроду, імкнецца будаваць кампазіцыю праз пластыку колеравых суадносін, праз гармонію і дысананс халодных і цёплых адценняў.
Мікалай Уладзіміравіч з'яўляецца ўдзельнікам больш чым 200 міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных выстаў. Ім створана больш за 500 акварэльных і каля 1000 алейных карцін.