Карціна месяца
Першы месяц лета ў календары адкрывае карціна Зоі Васільеўны Літвінавай «Квітненне».
«Квітненне», 1988 год. Палатно, алей
Карціна прысвечана радасці жыцця, захапленню ад квітнеючай прыроды. Мастачка выкарыстоўвае ў сваёй рабоце золата, якое з'яўляецца для яе пэўнай духоўнай субстанцыяй, што выклікае магутныя пачуцці ад манументальнай прыгажосці. Золата стала неад'емным элементам жывапісу Зоі Васільеўны. Да яе золатам малявалі ўсё тое, што на самай справе было або лічылася залатым. Літвінава ж пайшла іншым шляхам. На яе палотнах золата зіхціць, мігціць, пераліваецца, нагадваючы жывыя блікі.
Карціна ўваходзіць у цыкл «Жанчыны ў полі» (1980-я гады).
З беларускіх мастакоў свайго пакалення Зоя Васільеўна Літвінава (1938) самая вядомая. Многія не перастаюць захапляцца яе магутным, яркім і смелым жывапісам, яе свабодай і разняволенасцю ў творчасці.
Яна вельмі цэльная мастачка. Нягледзячы на непадобнасць, ёсць нешта адзінае ва ўсіх яе работах – вернасць абранаму шляху. Для Зоі Васільеўны заўсёды цікавыя колер, пластыка, вобраз, гэта значыць усе тое, на чым трымаецца сапраўдны жывапіс.
Cёння палотны Зоі Васільеўны Літвінавай прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі, Рускім музеі Санкт-Пецярбурга.
У 1992 годзе Зоі Васільеўне прысвоена званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь». Яна ўзнагароджана французскім ордэнам «За заслугі ў галіне літаратуры і мастацтва» і айчынным ордэнам Францыска Скарыны.
Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах сюжэтнай карціны, пейзажа і нацюрморта. З 1964 года ўдзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выставах. З 1970 года з'яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў.
Карціны Зоі Васільеўны Літвінавай можна ўбачыць да сярэдзіны ліпеня ў самым цэнтры горада Мінска, на плошчы Якуба Коласа, у рамках праекта «Мастак і горад».