Карціна месяца

Працяг знаёмства з карцінамі з нашага календара.

«Зялёны май. Перамога», 1973 год. Аргаліт, алей

Карціна з'яўляецца адным з самых цікавых нацюрмортаў мастачкі Святланы Сяргееўны Катковай. Гэта яркая работа ўражвае сваёй камернасцю і адначасова манументальнасцю, хоць сюжэт яе даволі просты.

Гэта від на вячэрні Мінск з акна майстэрні мастачкі. На карціне можна адразу пазнаць оперны тэатр, тэлевізійную вежу, бяскрайні зялёны парк. На заднім плане адлюстраваны неверагодна прыгожы салют, прысвечаны святу Перамогі. На пярэднім плане кветкі на ярка-чырвоным абрусе перадаюць урачыстасць і сум моманту, бо перамога дасталася савецкаму народу дарагой цаной – цаной многіх жыццяў і лёсаў.

Упершыню карціна была прадстаўлена на выставе ў 1973 годзе, пасля чаго яе набыў Нацыянальны мастацкі музей.

Каткова Святлана Сяргееўна (1941) скончыла Мінскае мастацкае вучылішча ў 1961 годзе, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут – у 1967 годзе. Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах сюжэтнай карціны, пейзажа і нацюрморта. З 1964 года ўдзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выставах. З'яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў з 1970 года.

Творы С. С. Катковай знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Спампаваць каляндар «Таямнiцы сучаснага мастацтва» можна на нашым сайце.

up
Вход