У 1993 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага па спецыяльнасці «Матэматыка».
З 1993 года па цяперашні час — настаўнік матэматыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ДУА «Гімназія горада Дзяржынска». З 1998 года — член аўтарскага калектыву, які займаецца распрацоўкай вучэбна-метадычнага комплексу па геаметрыі для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. З 2002 па 2007 год — суіскальнік кафедры алгебры і геаметрыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Тэорыя і методыка навучання і выхавання (матэматыка)».
Праводзіла майстар-класы для маладых спецыялістаў на базе Дзяржынскага раёна і ДУА «Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі» і аўтарскія семінары для настаўнікаў матэматыкі розных рэгіёнаў Беларусі. Выступала з лекцыямі ў ДУА «Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі» па праграмах базавага і мэтавага павышэння кваліфікацыі настаўнікаў матэматыкі устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Член абласной творчай групы настаўнікаў матэматыкі. Член журы трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Аўтар задач для інтэрнэт-алімпіяды і для конкурсу «Шукаем таленты», абвешчанага ў часопісе «Образование Минщины».
Публікацыі (асабістыя і ў суаўтарстве): 11 артыкулаў у навуковых часопісах і зборніках, 12 тэзісаў дакладаў, 16 вучэбных дапаможнікаў, больш за 30 метадычных дапаможнікаў.
Двое з выпускнікоў сталі кандыдатамі навук, трое скончылі аспірантуру, адзін — магістратуру, семнаццаць асновай сваёй далейшай прафесіі выбралі матэматыку, двое атрымалі па 100 балаў па матэматыцы на цэнтралізаваным тэсціраванні.
Неаднаразова вучні Т. У. Валахановіч былі пераможцамі раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных матэматычных спаборніцтваў. За высокія дасягненні ў гэтых спаборніцтвах 16 разоў вучні былі ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Лаўрэат першай прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў па выніках 2011/12 навучальнага года. Узнагароджана граматамі Міністэрства адукацыі, Мінскага абласнога і Дзяржынскага раённага выканаўчых камітэтаў, упраўленняў адукацыі гэтых выканкамаў.