Нарадзілася 2 чэрвеня 1974 года ў Мінску.
Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1996). Абараніла дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук «Лексічныя працэсы ў беларускай мове 90 х гадоў ХХ ст.» (2002).
Аўтар звыш 50 навуковых работ, у тым ліку 7 слоўнікаў (у суаўтарстве).
Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці: лексікалогія і лексікаграфія сучаснай беларускай мовы, неалогія і неаграфія.
Разам з Н. М. Даўгулевіч падрыхтавала «Слоўнік новых слоў беларускай мовы» (2009) і «Беларуска-рускі тлумачальны слоўнік новых слоў і новых значэнняў слоў» (2013) — першыя ў беларускім мовазнаўстве слоўнікі такога тыпу.
У суаўтарстве з А. М. Сяргеевай і Н. А. Чабатар створаны слоўнік «А або У: слоўнік-даведнік канчаткаў назоўнікаў мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку» (2014), прызначаны сарыентаваць карыстальніка ў правільным выбары канчаткаў роднага склону адзіночнага ліку назоўнікаў мужчынскага роду, што з'яўляецца адным з самых складаных пытанняў беларускай граматыкі.
Старшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Кандыдат філалагічных навук, дацэнт.