Нарадзілася 4 снежня 1960 года ў г. Орша Віцебскай вобласці.
У 1977 годзе скончыла СШ № 5 г. Оршы і паступіла на біёлага-хімічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава. Усе гады навучання ў інстытуце была ў студэнцкім навуковым таварыстве. За работы па заалогіі і методыцы выкладання хіміі была ўзнагароджана дыпломамі І ступені. З’яўлялася Ленінскай стыпендыяткай, сакратаром камсамольскага бюро біёлага-хімічнага факультэта. Узнагароджана граматамі Віцебскага гаркама камсамола, Віцебскага абкама камсамола, ЦК ЛКСМБ. Удастоена гонару быць згаданай у Кнізе Гонару інстытута. З адзнакай скончыла інстытут у 1982 годзе.
1982 – 1985 гг. – настаўнік біялогіі і хіміі ў Аршанскай школе-інтэрнаце.
1985 – 1995 гг. – метадыст, а затым загадчык метадычнага кабінета ў аддзеле адукацыі Аршанскага гарвыканкама.
З 1995 года на пенсіі па інваліднасці.
Першы навукова-метадычны артыкул з вопыту работы быў апублікаваны ва ўсесаюзным часопісе «Биология в школе» у 1985 годзе. З тых часоў былі напісаны і апублікаваны дзясяткі артыкулаў у часопісах «Начальная школа», «Пачатковая школа», «Здаровы лад жыцця», «Экалогія».
Першыя кнігі (вучэбныя і метадычныя дапаможнікі па курсе «Уводзіны ў школьнае жыццё») пабачылі свет у 1995 годзе.
Навукова-пазнавальныя кнігі для дзяцей пачала пісаць у 1996 годзе.
Аўтар праграмы курса «Здаровы лад жыцця» (для пачатковых класаў школ Рэспублікі Беларусь) і праграмы па вучэбным прадмеце «Навакольны свет» (1–4 класы для школ Расійскай Федэрацыі).
Аўтар кніг для чытання «Секреты и диковинки окружающего мира» і «Тайны близкие и далёкие» (сістэма развіваючага навучання Л.У. Занкова – Расійская Федэрацыя).
Аўтар падручнікаў, вучэбна-метадычных дапаможнікаў, хрэстаматый, сшыткаў для самастойнай работы па прадмеце «Навакольны свет» (1–4 класы для школ Расійскай Федэрацыі).
Аўтар рабочых сшыткаў па курсе «Чалавек і свет» для 1–3 класаў, кніг для чытання для 1–3 класаў, вучэбных дапаможнікаў «О чём в учебнике не прочитаешь» для 2 і 3 класаў, «150 заданий для умников и умниц», «200 заданий для умников и умниц».
Аўтар больш за 60 дзіцячых навукова-папулярных кніг. Сярод іх – «Детям о СПИДе и докторе Неболите», «О мальчиках и девочках с головы до пят», «Здоровье на тарелке», «Рассказы Феи Осторожность для больших и маленьких», «Колючее чудо», «Зачем крокодил камни глотает», «Родники здоровья в чашке». У сааўтарстве з С.А. Трафімавым стварылі папулярную серыю для малодшых школьнікаў «Рассказы Деда Природоведа», «Букварь Оршанский».
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.