Нарадзіўся 4 сакавіка 1975 года ў г. Бабруйску Магілёўскай вобласці.
У 1992 годзе скончыў з сярэбраным медалём сярэднюю школу № 2 г. Бабруйска. З адзнакай скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ужо ў гады студэнцтва актыўна займаўся навуковай працай, двойчы быў удастоены першай прэміі Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў, затым, будучы магістрантам, у суаўтарстве перамог ва ўніверсітэцкім конкурсе навуковых работ імя У. І. Пічэты. Працягнуў навучанне ў аспірантуры гістарычнага факультэта БДУ. У 2002 годзе абараніў дысертацыю на тэму «Генезис и эволюция института верховной власти в славянских раннефеодальных государствах (VII-XII вв.)». З 2001 года працаваў выкладчыкам, затым дацэнтам кафедры гісторыі Расіі гістарычнага факультэта БДУ. Са студэнцкіх гадоў выкладаў гісторыка-грамадазнаўчыя дысцыпліны ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі г. Мінска, а таксама кіраваў клубамі (кружкамі) інтэлектуальных гульняў (пры цэнтрах пазашкольнай работы Савецкага, Ленінскага раёнаў, Ліцэі БДУ, упраўленні па справах культуры БДУ). Тры гады запар рыхтаваў чэмпіёнаў Рэспублікі Беларусь па інтэлектуальных гульнях.
У цяперашні час — прафесар кафедры гісторыі БДУ, па сумяшчальніцтве – галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі НІА.
Аўтар больш за 500 публікацый, 6 манаграфій, больш за 60 вучэбных дапаможнікаў.
Прэзідэнцкі стыпендыят, тройчы лаўрэат прэзідэнцкай прэміі за поспехі ў працы з адоранымі дзецьмі.
Доктар гістарычных навук, дацэнт. Настаўнік-метадыст.