Нарадзіўся ў 1962 годзе ў г. Навагрудку Гродзенскай вобласці.
З 1979 па 2004 год вучыўся і працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце: у 1979-1984 гадах – студэнт, у 1984-1987 гадах – аспірант, у 1987-1989 гадах – навуковы супрацоўнік фізічнага факультэта. З 1989 года – намеснік дырэктара па навуковай рабоце, з 1991 па 2004 год – дырэктар Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
З 2004 па 2012 год – дырэктар Навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
З 2012 па 2014 год – старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы.
З 2014 года – старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь.
Аўтар звыш 150 навуковых і навукова-метадычных работ, дзвюх манаграфій, суаўтар вучэбных дапаможнікаў па фізіцы. Галіна навуковых інтарэсаў: сістэма павышэння якасці адукацыі; стратэгія і механізмы трансфармацыі адукацыйных сістэм ва ўмовах інфармацыйнага грамадства; тэарэтычныя асновы стварэння і выкарыстання інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў для нацыянальнай сістэмы адукацыі; навукова-метадычныя асновы профільнага навучання, педагагічныя асновы развіцця ліцэйскай адукацыі; навукова-метадычныя асновы інклюзіўнай адукацыі; ацэнка якасці і менеджмент адукацыі.
Г. У. Пальчык – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, уваходзіць у склад шэрага рэспубліканскіх калегіяльных органаў у галіне адукацыі і навукі.
Узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», ганаровымі граматамі Савета Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Нацыянальнага інстытута адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1991), дацэнт па спецыяльнасці «Педагогіка» (2001), доктар педагагічных навук (2011).