Навумава Алена Мікалаеўна

Наумова Е. Н.

Нарадзілася 8 кастрычніка 1967 года ў Віцебску.

У 1989 годзе скончыла мастацка-графічнае аддзяленне Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава.

З 1990 года працавала ў агульнаадукацыйнай школе з этнаграфічным напрамкам і кіравала дзіцячай мастацкай студыяй Палаца культуры г. Барані. З 1997 года па цяперашні час – педагог мастацкага аддзялення ДШМ № 3 г. Барані.

У 1996 годзе ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені за ўдзел у выставе мастакоў г. Оршы, прысвечанай «Славянскаму базару ў Віцебску». Неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі Аршанскага аддзела культуры. У 2003 годзе ўзнагароджана дыпломам за педагагічную дзейнасць, асабісты ўклад, папулярызацыю гісторыка-культурных каштоўнасцяў і актыўны ўдзел у рэспубліканскім фестывалі «Дзень Зямлі – Беларусь». У 2004 годзе ўзнагароджана дыпломам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па выніках 7-га Рэспубліканскага агляду-конкурсу метадычнай і творчай працы выкладчыкаў навучальных устаноў культуры і мастацтва. У 2005 годзе прысуджана прэмія за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва.

Выхаванцы А. М. Навумавай бралі ўдзел у 11-м Міжнародным біенале дзіцячага малюнка прэфектуры Канагава (Японія), у Міжнародным конкурсе юных мастакоў у Варшаве (Польшча), а таксама іншых значных міжнародных, рэспубліканскіх выставах і конкурсах. Сярод вучняў А. М. Навумавай ёсць стыпендыяты Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Мае вышэйшую педагагічную катэгорыю.

Займаецца выдавецкай дзейнасцю. З 2002 года выйшлі ў свет аўтарскія праекты навучальнага напрамку (для малых). У 2004 годзе выдадзена серыя аўтарскіх размалёвак.

up
Вход