Лопух Пётр Сцяпанавіч

Лопух П. С.

Нарадзіўся 10 ліпеня 1949 года на хутары Мартынаўка (в. Мерчыцы) Пінскага раёна Брэсцкай вобласці.

Скончыў Цвярдоўскую васьмігадовую школу (1964), Лагішынскую сярэднюю школу (1966). У 1967–1972 гадах атрымліваў вышэйшую адукацыю на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Фізічная геаграфія» з прысваеннем кваліфікацыі «Географ. Выкладчык геаграфіі». Пасля заканчэння ўніверсітэта быў пакінуты на факультэце для навуковай і педагагічнай работы. У 1983 годзе паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю.

З 1985 года — штатны супрацоўнік аддзела стажыроўкі і практык вучэбна-метадычнага цэнтра БДУ, адказны за правядзенне вучэбных палявых геаграфічных практык, сакратар навукова-метадычнай камісіі факультэта.

З 1986 па 1999 год неаднаразова выконваў абавязкі намесніка дэкана па навуковай і вучэбнай рабоце геаграфічнага факультэта БДУ.

У 2002 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Формирование и закономерности развития водоемов замедленного водообмена Беларуси» і ў 2003 годзе быў назначаны на пасаду загадчыка кафедры агульнага землязнаўства, на якой працуе па цяперашні час. У 2004 годзе на чарговым з'ездзе Беларускага геаграфічнага таварыства быў выбраны яго старшынёй.

З 2006 года з'яўляецца старшынёй секцыі геаграфіі і картаграфіі навукова-тэхнічнага савета Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Праводзіць вялікую арганізацыйную і навуковую работу па распрацоўцы і карэкціроўцы вучэбных праграм па геаграфіі, падрыхтоўцы і абмеркаванні вучэбных дапаможнікаў, вучэбнай картаграфічнай прадукцыі, школьных атласаў. У рамках выканання дзяржаўных праграм «Адукацыя і здароўе», «Адукацыйная галіна» кіруе правядзеннем навуковых даследаванняў па ўдасканальванні і мадэрнізацыі геаграфічнай адукацыі.

Пад кіраўніцтвам П. С. Лопуха падрыхтаваны метадычныя дапаможнікі па правядзенні вучэбнай даследчыцкай работы з навучэнцамі, серыя вучэбных праграм факультатыўных заняткаў, распрацоўваюцца электронныя рэсурсы па геаграфіі.

Узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнага інстытута адукацыі.

up
Вход