Пасля заканчэння ў 1964 годзе Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў (цяпер Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт) была накіравана на працу ў гэтую ж ВНУ, з якой звязала ўсю сваю прафесійную дзейнасць.
Паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю і атрымала вучонае званне дацэнта.
З'яўляецца адным з аўтараў 30 вучэбных дапаможнікаў і 20 навуковых артыкулаў.
Найбольшую вядомасць і значнасць у рэспубліцы атрымалі дапаможнікі па практычнай граматыцы англійскай мовы для студэнтаў ВНУ, каледжаў і для выпускнікоў сярэдняй школы, якія штогод дапаўняюцца і ўдасканальваюцца. Да іх адносяцца такія працы, як «Практическая грамматика английского языка», «Английский язык. На пути к успеху», «Английский язык. Первые шаги на пути к успеху», «Английский язык. Готовимся к централизованному тестированию», «Английский язык. Факультативные занятия. Лексико-грамматический практикум. 10-11 классы. Пособие для учителей». Дадзеныя дапаможнікі паспяхова выкарыстоўваюцца ў навучальным працэсе. Яны ўлічваюць узаемасувязь усіх моўных дысцыплін і накіраваны на развіццё камунікатыўных уменняў і навыкаў правільнай англійскай мовы. Многія з дапаможнікаў атрымалі грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
У суаўтарстве з І. І. Пановай, А. Б. Карнеўскай і К. А. Місуна напісала падручнік па англійскай мове для вучняў 11 класа сярэдняй агульнаадукацыйнай школы.
З'яўляецца адным з аўтараў вучэбнага дапаможніка па аналітычным чытанні для студэнтаў малодшых курсаў моўных ВНУ.
У 1992 годзе праходзіла моўную стажыроўку ў Лондане (Вялікабрытанія).
Неаднаразова з'яўлялася старшынёй прадметнай камісіі па англійскай мове ў перыяд правядзення ўступных экзаменаў у МДЛУ, а таксама ўзначальвала прадметную камісію на рэспубліканскай алімпіядзе школьнікаў.
З. Д. Курачкіна паспяхова спалучае выкладчыцкую, вучэбна-метадычную і навуковую дзейнасць у галіне граматыкі і фанетыкі англійскай мовы.
Многія пакаленні выпускнікоў удзячныя З. Д. Курачкінай за глыбокія і трывалыя веды, атрыманыя ва ўніверсітэце.