Нарадзіўся 10 чэрвеня 1967 года на Гродзеншчыне — Ашмянскі раён, станцыя Ашмяны. Бацькі працавалі на камбікормавым заводзе: маці — галоўным бухгалтарам, бацька — рознарабочым, качагарам, сушыльным майстрам.
У 1984 годзе з залатым медалём cкончыў сельскую Дакурнішскую СШ і паступіў на беларуска-рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, якое cкончыў у 1991 годзе. З 1985 па 1987 год служыў у радах Савецкай Арміі пад Масквой, дзе атрымаў спецыяльнасць «радыётэлеграфіст-пеленгатаршчык».
Навучаўся ў аспірантуры пры кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ (1991–1994), працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Ліцэі БДУ (1991–1997), на пасадах выкладчыка, старшага выкладчыка, дацэнта кафедры сучаснай беларускай мовы філалагічнага факультэта БДУ (1994–2009).
З 1992 года па цяперашні час — актыўны ўдзельнік алімпіяднага руху па беларускай мове і літаратуры сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь: з'яўляецца аўтарам-распрацоўшчыкам заданняў для ўсіх этапаў алімпіяды, старшынёй журы розных этапаў.
Штогод выступае з лекцыямі, праводзіць майстар-класы для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ва ўсіх абласных і г. Мінска інстытутах развіцця адукацыі.
У 2009–2011 гадах — галоўны рэдактар штомесячнага навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова». З 2011 года — дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. З 2014 года — загадчык гэтай кафедры, якая з'яўляецца выпускаючай на факультэце выдавецкай справы і паліграфіі БДТУ па спецыяльнасці «рэдактар-тэхнолаг» са спецыялізацыяй «Апрацоўка тэкставай і графічнай інфармацыі».
Аўтар больш за 300 навуковых і навукова-метадычных публікацый, сярод якіх 1 манаграфія, каля 40 вучэбных дапаможнікаў па беларускай мове для школ і ВНУ, а таксама па рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўцы выданняў для студэнтаў спецыяльнасці «Выдавецкая справа».
Кандыдат філалагічных навук, дацэнт.