Нарадзіўся 20 ліпеня 1936 года ў в. Хамічы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці.
У 1955 годзе скончыў Бярозаўскую сярэднюю школу № 1. У 1958 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1963) працаваў настаўнікам Равяціцкай сярэдняй школы (1963-1965). З 1966 года — у БДУ: аспірант (1966-1969, у 1969 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю), выкладчык (1969), старшы выкладчык (1970), дацэнт (1971-1993), прафесар (1994-2006). У 1982-1985, 1995-1996 гадах — намеснік дэкана філалагічнага факультэта БДУ.
Самастойна і ў суаўтарстве напісаў больш за 200 навуковых і навукова-метадычных прац, падрыхтаваў чатырох кандыдатаў філалагічных навук. Сярод публікацый больш за 40 кніг. Гэта:
-
вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў філалагічных факультэтаў устаноў вышэйшай адукацыі («Практыкум па гісторыі беларускай літаратурнай мовы» (1978, 1986), «Сучасная беларуская мова» (1984, 1995), «Сучасная беларуская мова: Практычныя заняткі» (1989) і інш.);
-
падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, зборнікі дыдактычных матэрыялаў, метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў («Лексіка і фразеалогія беларускай мовы» (1982), «Грані слова» (1986, 1992, 1996), «Беларуская мова» — падручнікі для 4 класа (1988, 2001), 5 класа (1990, 1992, 1994, 1995), 6 класа (1993, 1996) для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з 11-гадовым тэрмінам навучання; эксперыментальныя вучэбныя дапаможнікі «Беларуская мова» для 4 класа (1998, 2001), 5 класа (1999, 2002, на Рэспубліканскім конкурсе «Падручнік 2000 года для агульнаадукацыйнай школы» адзначаны дыпломам ІІ ступені) для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацы з 12-гадовым тэрмінам навучання; вучэбныя дапаможнікі «Беларуская мова» для 5 класа (2008, 2014), 6 класа (2009, 2015) для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з 11-гадовым тэрмінам навучання; вучэбны дапаможнік «Беларуская мова» для 3 класа (1997) / 2 класа (1999, 2001) / 3 класа (2007, 2012); «Дыдактычны матэрыял па беларускай мове для 5 класа» (2005), «Дыдактычны матэрыял па беларускай мове для 6 класа» (2005, 2014) і інш.);
-
іншыя вучэбныя выданні: «Беларуская мова ў табліцах і схемах. Для школьнікаў», «Беларуская мова ў табліцах і схемах. Для малодшых школьнікаў», «Беларуская мова. Поўны школьны курс. Тэорыя», «Беларуская мова. Дапаможнік-рэпетытар для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання», «Беларуская мова. Даведнік. Віды разбору. 5-11 класы. Русский язык. Справочник. Виды разбора. 5-11 классы» і іншыя.