Нарадзілася 10 лютага 1979 года ў г. Вілейцы Мінскай вобласці.
У 2001 годзе скончыла геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта c прысваеннем кваліфікацыі «Географ. Выкладчык геаграфіі». Пасля сканчэння аспірантуры БДУ ў 2006 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці «Фізічная геаграфія, біягеаграфія, геаграфія глеб і геахімія ландшафтаў».
У 2005-2006 гадах працавала выкладчыкам на кафедры фізічнай геаграфіі факультэта прыродазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. З 2006 года працуе на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: спачатку на пасадзе старэйшага выкладчыка, дацэнта, у 2017-2019 гг. – загадчыка кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій, з 2019 года намесніка дэкана па вучэбнай рабоце. Педагагічны стаж 20 гадоў.
З'яўляецца вядучым спецыялістам у вобласці фізічнай геаграфіі. Сфера навуковых інтарэсаў: фізічная геаграфія, методыка выкладання геаграфіі, гідрахімія, біягеаграфія. Мае больш за 180 публікацый, з іх каля 40 вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў (у тым ліку ў суаўтарстве), 4 навуковыя манаграфіі. Аўтар спецыяльнага зместу каля 20 насценных карт для ВНУ і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
А. Г. Кальмакова надае значную ўвагу інтэграцыі навукі і адукацыі. З'яўляецца аўтарам школьных вучэбных дапаможнікаў па геаграфіі новага пакалення для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі: «Геаграфія. Фізічная геаграфія. 6 клас», «Геаграфія. Мацерыкі і акіяны. 7 клас». З'яўляецца аўтарам лінейкі дапаможнікаў для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па геаграфіі для 6-10 класаў. Выступае распрацоўшчыкам зместу атласаў і контурных карт для 6-7 класаў, а таксама вучэбных праграм факультатыўных заняткаў. Бярэ ўдзел у працы Навукова-метадычнага савета Міністэрства адукацыі ў секцыі «Геаграфія-картаграфія».
Кандыдат геаграфічных навук, дацэнт.
З лістапада 2022 года – дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі.