Нарадзіўся 9 лютага 1951 года.
У 1973 годзе скончыў з адзнакай гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1976 годзе — аспірантуру па кафедры гісторыі Старажытнага свету і Сярэдніх вякоў БДУ. З 1976 па 1983 год працаваў выкладчыкам (з 1980 года — дацэнтам) кафедры гісторыі СССР, БССР і замежных краін Мінскага інстытута культуры. З верасня 1983 года — дацэнт кафедры гісторыі Старажытнага свету і Сярэдніх вякоў БДУ, а з чэрвеня 1988 года і па цяперашні час — загадчык гэтай кафедры.
Аўтар 6 манаграфій і кніг, 8 манаграфій і кніг у суаўтарстве, усяго больш за 330 навуковых і навукова-метадычных прац. Пад яго навуковай рэдакцыяй і пры аўтарстве былі створаны першыя беларускія падручнікі для школ і ВНУ і вучэбныя дапаможнікі па гісторыі Сярэдніх вякоў.
Пад навуковым кіраўніцтвам В. А. Фядосіка абаронены 1 доктарская і 8 кандыдацкіх дысертацый. Асноўныя кірункі навуковых даследаванняў: гісторыя ранняга хрысціянства, гісторыя антычнай і сярэдневяковай культуры, успрыняцце Антычнасці ў Сярэдневякоўі, гісторыя каталіцкай царквы ў Сярэднія вякі, антычны поліс.
Па гранце Фулбрайта працаваў у якасці прафесара-даследчыка ў Пенсільванскім універсітэце (Філадэльфія, ЗША), чытаў лекцыі ва Вроцлаўскім універсітэце (Польшча). У 2003 годзе за цыкл навуковых прац «Человек и социум в Античности и Средневековье» быў удастоены прэміі БДУ імя У. І. Пічэты. Узнагароджваўся граматай (1983) і дзвюма ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2001, 2004), ганаровай граматай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1996). У 2006 і 2011 гадах узнагароджаны медалямі Свяціцеля Кірылы Тураўскага Беларускай праваслаўнай царквы, у 2009 годзе — нагрудным знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», у 2011 годзе — медалём «За працоўныя заслугі».
Кандыдат гістарычных навук (1977), доктар гістарычных навук (1992), прафесар (1993). Заслужаны работнік БДУ (2014).