Дубініна Дзіна Мікалаеўна

Дубинина Д. Н.

Cкончыла з адзнакай факультэт дашкольнага выхавання Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага па спецыяльнасці «Педагогіка і псіхалогія дашкольная» (1979) i аспірантуру пры Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка (1996). У 1997 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Беларускі фальклор як сродак развіцця выразнага маўлення старэйшых дашкольнікаў». Працавала ва ўстановах дашкольнай адукацыі, Мінскім абласным інстытуце ўдасканалення і павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. З 1997 года працуе ў БДПУ, спачатку старшым выкладчыкам, пасля дацэнтам, а з верасня 2003 года – загадчыкам кафедры методык дашкольнай адукацыі.

Аўтар больш за 200 навуковых і метадычных публікацый. Падрыхтавала звыш 25 вучэбна-метадычных і метадычных дапаможнікаў, рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, па развіцці беларускага маўлення дашкольнікаў, азнаямленні выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі з мастацкай літаратурай; суаўтар вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па лінгвістыцы дзіцячага маўлення і тэорыі і методыцы развіцця маўлення дашкольнікаў; вучэбнага дапаможніка для ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па методыцы развіцця маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту.

З'яўляецца членам рэдакцыйнай калегіі часопіса «Пралеска». Арганізатар міжнародных навуковых канферэнцый, у тым ліку і студэнцкіх. Узнагароджана ганаровай граматай БДПУ, граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь; мае падзяку за актыўны ўдзел у рабоце Навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Навуковыя інтарэсы: мастацка-маўленчае развіццё дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя; этнаграфічная адукацыя дзяцей дашкольнага ўзросту.

кнігі аўтара
up